?q=%23alala_%D0%B1%D0%B0%D0%B9%D0%BA%D0%B0
23 верасня святкаваўся Міжнародны дзень жэставых моў. Дата свята абрана невыпадкова: 23 верасня 1951 года была ўтворана Сусветная федэрацыя глухіх.
У глухіх людзей ёсць свае мовы, школы, клубы, мастацтва — цэлая асобная культура, якую называюць Deaf culture. Існуе нават супрацьпастаўленне двух тэрмінаў: «deaf» з маленькай літары — глухі чалавек, і «Deaf» з вялікай літары — прадстаўнік культуры глухіх. Можна быць deaf, але не быць Deaf: страціць слых у дарослым узросце, але імкнуцца застацца ў звыклым наваколлі і не шукаць аніякіх кантактаў з супольнасцю глухіх. Належыць да Deaf, але не быць deaf таксама магчыма: напрыклад, вырасці ў сям’і глухіх, але чуць і пры гэтым цалкам інтэгравацца ў культуру Глухіх.
Сярод прадстаўнікоў культуры Глухіх нямала тых, хто не лічыць глухату хваробай, а бачыць у ёй частку сваёй ідэнтычнасці, якую варта захоўваць. На першы погляд гэта можа здавацца дзіўным: відавочна, чуць лепш, чым не чуць, слых дазваляе больш поўна ўспрымаць свет, а глухата — як сапраўдная інваліднасць.
Але ж, ёсць некалькі важных момантаў, якія дазволяць лепш растлумачыць гэтую пазіцыю.
Паняцце хваробы шмат у чым сацыяльнае. Хваробай называецца нейкае парушэнне нармальнага функцыянавання арганізму. Але «норма» — паняцце не толькі медыцынскае, але і грамадскае. Напрыклад, у пачатку 1990-х гадоў гомасексуальнасць выкрэслілі з міжнароднага каталогу хвароб. Відавочна, сама з’ява не змянілася — змянілася разуменне нормы. Таму няма аб’ектыўнай прычыны сцвярджаць, што глухата абавязкова павінна заставацца «хваробай».
Можна было б сказаць, што глухата перашкаджае паўнавартаснаму існаванню ў свеце. Але, насамрэч, глухата перашкаджае паўнавартаснаму існаванню ў свеце, разлічаным на тых, хто чуе. І гэта важная розніца: у сваіх суполках і клубах глухія выдатна функцыянуюць і задавальняюць усе свае патрэбы. Тут дарэчы параўнанне: у апошнія часы шмат беларусаў эмігравалі і не ведаюць мовы сваёй новай краіны. Яны не разумеюць надпісаў і аб’яў, ім патрэбны перакладчык у дзяржаўных установах. Яны сапраўды страчваюць частку магчымасцяў, але ніхто не кажа, што гэта «хвароба — невалоданне замежнай мовай».
Для многіх людзей культура Глухіх — галоўнае кола «сваіх»: у іх ёсць родная мова, агульныя ўспаміны са школы, свае жарты. Калі называць глухату хваробай, якую трэба «лячыць» кахлеарнымі імплантамі, гэта ўспрымаецца як напад на іх свядомасць. Прапанова глухому чалавеку паставіць імплант і пачаць нармальна існаваць крыху нагадвае параду кінуць сваю малую родную мову і перайсці на нармальную мову з вялікай колькасцю носьбітаў. Філалош чуў такое ў дачыненні да гэтага блогу: навошта табе тая беларуская, пішы на рускай, аўдыторыя будзе ў разы больш. І хаця суразмоўцы відавочна мелі рацыю, Філалош чамусьці рэагаваў на такія прапановы негатыўна.
Такім чынам, за пытаннем «ставіць дзіцяці кахлеарны імплант ці не» стаіць значна шырэйшая дыскусія. Ці этычна пазбаўляць немаўля той ідэнтычнасці, якую яно магло б мець ад прыроды? Ці этычна «забіраць» ад уразлівай суполкі яшчэ аднаго члена? Ці не выглядаем мы, людзі са слыхам, як каланізатары, якія нясуць «цывілізацыю» — кахлеарныя імпланты — маленькай супольнасці, знішчаючы яе культуру толькі таму, што лічым: так будзе лепей? Так, безумоўна, шмат хто з глухіх пагадзіцца на частковае аднаўленне слыху — ну, як і шмат хто з беларусаў ахвотна адмаўляецца ад беларускай мовы.
***
Філалош не заклікае чытачоў адразу паўстаць супраць лячэння парушэнняў слыху. Гэты тэкст — толькі спроба паказаць погляд на супольнасць глухіх як на своеасаблівы «этнас». З ім можна пагаджацца, або не, але за ім паўстае шырэйшае пытанне: як вылучыць тыя суполкі, якія можна лічыць асобнай культурай з уласнай ідэнтычнасцю? У свеце больш-менш дамовіліся, што нацыі дакладна з'яўляюцца такімі суполкамі — хаця пакуль не навучыліся іх дакладна вызначаць. А што на ніжэйшых узроўнях? Наколькі трагічна, што чалавецтва амаль згубіла культуру паравозных дэпо, з іх асаблівым слэнгам і рытуаламі? Ці варта нам прыняць меры, каб такога больш не здарылася?