🦬 23 лютага 1944 году была створаная Беларуская Краёвая Абарона (БКА). Яна стала найбольш вядомай спробай арганізацыі ўласных беларускіх вайсковых фармаваньняў у надзвычай складаных варунках Другой сусветнай вайны, дзе наша Радзіма знаходзілася паміж молатам і кавадлам варожых таталітарных сістэмаў.
Гістарычны кантэкст зьяўленьня БКА быў супярэчлівы і трагічны – Беларусь знаходзілася пад нямецкай акупацыяй, а мясцовае насельніцтва цярпела як ад карных апэрацыяў нацыстаў, так і ад тэрору з боку чырвоных партызанаў, кантралюемых з Масквы. Нягледзячы на цяжкія ўмовы, нацыянальныя дзеячы ўсімі сродкамі імкнуліся стварыць беларускія вайсковыя адзінкі, каб мець падрыхтаваныя і ўзброеныя кадры, якія ў будучыні сталі б уласным войскам для змаганьня за незалежнасьць Бацькаўшчыны ад нямецкіх і савецкіх акупантаў.
Прызыў у БКА адбываўся на тэрыторыі генэральнай акругі "Беларусь", якая складала зусім невялікую частку нашай зямлі. Тым ня менш на яго адгукнулася да 40.000 чалавек, што значна перавысіла ўсе чаканьні і шмат з ахвочых прыйшлося распусціць па дамах, бо арганізацыйныя магчымасці былі абмежаваныя. Гэты факт паказвае, што ідэя ўласнага беларускага войску сапраўды мела падтрымку ў грамадзтве. З прынятых ў шэрагі БКА ваяроў былі сфармаваныя 45 батальёнаў, у якіх уводзілася беларуская мова камандаваньня і нацыянальныя сымбалі адзнакі.
Нажаль пераўтварыцца ў сапраўдную беларускую армію БКА не пасьпела. Імклівы наступ саветаў, прымусіў адных жаўнераў адыйсьці на захад, а іншыя засталіся на Радзіме. Адна крывавая і варожая для беларусаў акупацыя зьмянілася на іншую. У такіх абставінах далейшыя лёсы ўдзельнікаў склаліся па рознаму. У замежжы бальшыня ваяроў сталі актыўнымі дзеячамі беларускіх дыяспар па сьвеце. Займаліся грамадзка-палітычнай, культурніцкай і рэлігійнай працай на ніве беларушчыны. Удзельнічалі ў аднаўленьні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, а такія асобы, як Язэп Сажыч, Барыс Рагуля, Францішак Кушаль уваходзілі ў яе кіраўніцтва. Тыя, хто застаўся на Радзіме былі або рэпрэсаваныя камуністамі, або сышлі ў лясы і працягвалі барацьбу з чырвонымі акупантамі.
Ідэя фармаваньня беларускага нацыянальнага войску была натуральнай ад часоў Беларускай Народнай Рэспублікі і Слуцкага збройнага чыну, таму стварэньне Беларускай Краёвай Абароны стала лягічным працягам гэтых памкненьняў. Між тым трэба прызнаць, што БКА так і ня стала паўнавартаснай вайсковай сілаю, а толькі чарговай спробай. Але сам факт стварэньня беларускіх падраздзяленьняў, выкарыстаньне беларускай каманднай мовы і нацыянальнай сымболікі стаў важным элемэнтам у гісторыі беларускай вайсковай традыцыі.
🖼 Ілюстрацыя вайсковага мастака і гісторыка Віктара Ляхара.
🤩 ПРЫСЯГА ЖАЎНЕРА БЕЛАРУСКАЙ КРАЁВАЙ АБАРОНЫ
Я, жаўнер Беларускай Краёвай Абароны, прысягаю на Ўсемагутнага Бога і жаўнерскі гонар, што буду верна служыць свайму беларускаму народу, сумленна і прыкладна выконваць усе загады сваіх камандзіраў і начальнікаў.
Я прысягаю, што не выпушчу з рук зброі да тых пор, пакуль ня будзе ўстаноўлены поўны спакой і бясьпека ў нашых сёлах і гарадох, пакуль ня будзе зьнішчаны на нашай зямлі апошні вораг беларускага народу.
Я прысягаю, што хутчэй аддам сваё жыцьцё, чымся дапушчу, каб мая жонка і дзеці, бацькі і сёстры і ўвесь беларускі народ зноў цярпелі бальшавіцкі зьдзек і няволю.
Калі-ж з сваей слабасьці ці злога намеру я парушу гэту прысягу, то няхай пакарае мяне Бог ганебнай сьмерцю здрадніка свайго народу і бацькаўшчыны.